Республиканский Дворец
культуры профсоюзов
Новости

Станцуем будучыню?

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў упершыню выпусцілі балетмайстраў сучаснага танца. Абарона іх творчых прац прайшла ў выглядзе публічнага канцэрта-спектакля PRO на сталічнай пляцоўцы ОK16 — па квітках і з поўным аншлагам. Прычым арганізацыйныя клопаты ўзяў на сябе магістрант іншай кафедры — менеджмента сацыякультурнай дзейнасці. Так што вынік можна назваць плёнам міждысцыплінарнага супрацоўніцтва.

Кафедра харэаграфіі БДУКіМ існуе ўжо 40 гадоў. Сярод добрых традыцый, што на ёй склаліся, — штогадовыя справаздачныя канцэрты ў розных сталічных залах, найперш на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Нумароў сучаснай харэаграфіі, у тым ліку ў стылі contemporary, там заўжды было багата. Але ставілі іх звычайна тыя, хто навучаўся народнаму танцу, а паралельна — і сучаснаму. Тыя студэнты рэгулярна ўдзельнічалі (і перамагалі) у конкурсных праграмах найпрэстыжнага Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, ездзілі на іншыя конкурсы, фестывалі, майстар-класы. Дый сама кафедра неаднаразова выступала ініцыятарам правядзення на базе ўніверсітэта майстар-класаў, выкарыстоўваючы кожную магчымасць прыезду ў нашу краіну вядучых замежных майстроў і плённа супрацоўнічаючы з амбасадамі.

Нарэшце, намаганнямі загадчыцы кафедры Святланы Гуткоўскай у межах спецыяльнасці “харэаграфічнае мастацтва” адкрыўся асобны кірунак — “сучасны танец”. У яго актуальнасці для нашага нацыянальнага мастацтва і ўсёй краіны не трэба пераконваць. Але што ж мы ў выніку ўбачылі?

Разнастайныя нумары на выніковым канцэрце адлюстроўвалі індывідуальнасці “шасці Я”, як назвалі сябе самі выпускнікі. Былі і філасофскія кампазіцыі, і з рамантычным ухілам, і на мяжы з пластычным тэатрам, вельмі запатрабаваным сёння ва ўсім свеце, і з яркім нацыянальным адценнем — якое, зразумела, выяўляецца не толькі праз фольк. Але гэтая размаітасць мела адзіны пункт адліку: ва ўсіх нумарах і іх назвах у той ці іншай ступені абыгрывалася PRO, ажно да гульні слоў (“PROваЛенок”), што надала праекту цэласнасць.

Цікавы падбор музыкі прывёў да стварэння сапраўднай фонасферы. У аснову былі пакладзены не эстрадныя песні, да якіх робіцца “падтанцоўка”, а сумесі музычнага авангарду (кшталту фрагментаў твораў Соф’і Губайдулінай) з электронікай і гукамі прыроды. Адзначу таксама ўдалую работу з відэа, добрае абжыванне сцэнічнай прасторы (кульмінацыяй нумара “про Kargus” Валерыі Ле стала ўзыходжанне па змешчанай на пляцоўцы лесвіцы).

Вядома, не ўсё было ідэальным: дзесьці не хапала мастацкай завершанасці, два нумары нечакана сышлі ў блізкую моладзі дыскатэку. Але ўражвала ўжо само імкненне да пошуку як сваіх тэм, так і іх вырашэння. Бо адлюстроўваліся не толькі каханне ці супрацьстаўленне героя і натоўпу, але і, да прыкладу, касмічнасць светабудовы, рух як жыццё і прыгажосць. Узрадавала, што ў некаторых нумарах нават прысутнічала ўласная лексіка — як форма і змест твора. Запомніліся складаныя “пластычна-геаметрычныя” фігуры кампазіцыі “Pro Cвет” Яўгена Свірчанкі, фінальнае спляценне трох дзявочых фігур у “Альмары” Алены Падольскай.

Харэаграфічны вечар быў працягнуты выставай жывапісу, дзе асабліва прыцягальнымі аказаліся палотны, наўпрост звязаныя з балетна-танцавальнай тэмай і вырашаныя з гумарам, фантазіяй, спасылкамі да іншых мастацкіх з’яваў — ад барочнага музычнага тэатра да галівудскіх мульцікаў. Шкада толькі, што амаль усе працы такога роду засталіся без подпісаў: ні назвы, ні прозвішча аўтара. Дый харэаграфічным нумарам не пашкодзілі б праграмкі, бо аднаго экземпляра, змешчанага на ўваходзе ў паўзмроку, было замала. Магчыма, усе гэтыя дробязі можна паправіць пры далейшых паказах. Але ці адбудуцца яны? Якія ўвогуле перспектывы чакаюць цяперашніх выпускнікоў?

— Нягледзячы на тое, што яны раз’едуцца хто куды, — адказала кіраўнік курса Святлана Гуткоўская, якая выступіла аўтарам ідэі гэтага праекта, — мы маглі б паўтарыць вечарыну. Бо нумары ставіліся ў асноўным на студэнтаў першага — трэцяга курсаў, якія будуць працягваць навучанне. Разам з удзельнікамі мы аб’ехалі некалькі розных пляцовак, шукаючы тую, якая найбольш пасавала б задуме. Вельмі дапамог Аляксандр Кулінковіч, які сёлета заканчвае магістратуру як менеджар сацыякультурнай дзейнасці. Ён леташні выпускнік нашай кафедры, таму выдатна ведае харэаграфію. Ідэальны варыянт! Што ж да лёсу выпускнікоў-балетмайстраў, дык усе яны атрымалі размеркаванне па спецыяльнасці. Хтосьці, вядома, працягне вучобу, астатняе ж залежыць ад іх саміх.

— Для выпускнікоў гэта сапраўдны прарыў, — падзяліся ўражаннямі старшыня Дзяржаўнай камісіі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчыца балетнай трупы нашага Вялікага тэатра Таццяна Шаметавец. — Асабліва калі ўлічваць, што яны навучаліся ўсяго чатыры гады. Гэты від танца вельмі складаны і патрабуе не меншага таленту, чым акадэмічны балет. Асабіста для мяне надзвычай важнае напаўненне кожнага руху сэнсам, іначай убачанае забываецца. Але галоўнае пытанне пасля цяперашняга паказу — што будзе далей?

Сапраўды, пытанне больш чым актуальнае. Бо на сёння, нягледзячы на шматлікія пастаноўкі ў галіне сучаснай харэаграфіі, праблема падрыхтоўкі прафесійных кадраў, якія будуць годна працаваць у гэтай сферы, яшчэ не вырашана. Балетмайстар — прафесія для адзінак. Смешна думаць, што за чатыры гады можна з кожнага студэнта ўзрасціць майстра. Але першыя крокі да гэтага рабіць трэба. І чым больш будзе выпускацца спецыялістаў, якія не кінуць сваю прафесію і будуць працаваць, у тым ліку, з аматарскімі калектывамі, тым больш спрыяльныя ўмовы ўдасца стварыць у краіне для развіцця сучаснай харэаграфіі.

“Хацелася чагосьці новага!”

— Навучанне сучаснай харэаграфіі паспрыяла раскрыццю маёй асобы, — гаворыць выпускніца БДУКіМ Крысціна Пушкарова, якая таксама атрымала кваліфікацыю балетмайстра сучаснага танца. — Дагэтуль я скончыла народнае аддзяленне Віцебскага каледжа мастацтваў. Паступаючы ва ўніверсітэт культуры, шукала штосьці новае — звязанае з атрыманай спецыяльнасцю, але сумежнае. Так, як гэта робіцца ў Еўропе, калі вышэйшая адукацыя часта атрымліваецца па сумежным напрамку. Разумела, што бальны танец — дакладна не маё. Эстрадны? Пэўна, цікава, але не тое, чым я хацела б займацца ў далейшым. Спыніла выбар на сучасным танцы — і не памылілася. Шчыра кажучы, на момант паступлення, як і некаторыя іншыя, я не зусім уяўляла сабе, чым мы будзем займацца. Але хацелася чагосьці новага! Нейкага эксперыменту, адкрыццяў. Усё гэта я і знайшла. Так што з выбарам не памылілася.

Усведамленне таго, што ж такое насамрэч сучасная харэаграфія, прыходзіла ўсе чатыры гады навучання. Бо гэта было яшчэ і адкрыццё мяне самой — маёй асобы, яе новых рысаў, якасцяў, уласцівасцяў. Так, нас навучалі новым тэхнікам, укладалі неабходны аб’ём ведаў, навыкаў, уменняў. Мы навучыліся імправізаваць, добра адчуваць сваё цела. Але паралельна ішла ўласная праца, якая тычылася ўнутранай сутнасці, нават, калі хочаце, жыццёвай філасофіі. Без гэтага ў сучасным мастацтве — нікуды! Бо любая тэхніка — гэта магчымасць адэкватна, на добрай мастацкай мове выкласці нейкую ідэю. Калі ж апошняй няма — не будзе і нічога астатняга.

Мая дыпломная кампазіцыя, якую я паставіла на студэнтаў першага курса народнага аддзялення, называлася “PROцесс”: яна была пра сам працэс творчасці і паразуменне паміж мастаком і атачэннем. Тое, як першакурснікі зацікавіліся працай — а яны літаральна жылі ёй — дадало мне ўпэўненасці. Дагэтуль я працавала з дзецьмі ўзорнага калектыву “Пралесачка” — і бачыла ў іх і іхніх бацьках тую ж зацікаўленасць. Бо сучасная харэаграфія (цяпер я ведаю гэта дакладна) папраўдзе адкрывае новыя далягляды.

Размеркаванне я атрымала ў тую ж “Пралесачку” — і вельмі задаволена. Але, магчыма, буду паступаць у магістратуру: пакуль яшчэ на ростанях, прадумваю свае далейшыя крокі. Сучасная харэаграфія дае вялікія перспектывы.

Лямпа, гумар і карысць

— Танцаваць я любіла з дзяцінства, — распавядае выпускніца БДУКіМ Алена Падольская, стаўшы дыпламаваным балетмайстрам сучаснага танца. — Калі заканчвала наш харэаграфічны каледж, пачала шукаць, дзе ж вучыцца далей. Раптам даведалася, што будзе першы набор на сучасны танец, і адразу зразумела: гэта мой шанс! Такая харэаграфія, на жаль, у нас пакуль не настолькі развіта, як у Еўропе ці Азіі. Але перспектывы ў яе — вялізныя. І развіваць яе ў краіне неабходна. Мы часта ўсім курсам разважалі: што будзем рабіць далей, што зможам прыўнесці ў нашу культуру? Бо хочацца ж быць карыснымі.

Выкладчыкі ў нас былі цудоўныя. Той жа Мікалай Міхайлаў вучыўся ў Францыі, запрашаў да нас танцоўшчыкаў з Польшчы, Латвіі, каб яны праводзілі майстар-класы. За час навучання я паспела паўдзельнічаць у Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Нумар “Альмара”, што ў перакладзе з арабскай азначае “Жанчыны”, нарадзіўся пасля таго, як мой хлопец-сірыец папрасіў мяне паставіць штосьці для дзяцей — яго сучайчыннікаў, якія страцілі бацькоў і прыехалі ў наш лагер “Зубраня” на аздараўленне. Дзеці зусім не ўмелі танчыць, але адразу захапіліся, і ў нас атрымаўся арабскі танец. А мяне ўсё гэта натхніла на кампазіцыю пра арабскіх жанчын, якую я паказвала потым у Віцебску і на дзяржаўным іспыце. Другі дыпломны нумар — уласнае сола з лямпай — я з гумарам назвала “PROваЛенок”.

Цвёрда вырашыла: буду паступаць у магістратуру. А далей? Хочацца ставіць! Буду развіваць сябе менавіта як балетмайстра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"




© 2018 «Республиканский Дворец Культуры Профсоюзов»
8 (017) 327-05-87 / rdkp211@tut.by
Нет сети